ШАТЛА́НДСКАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у філасофіі Вялікабрытаніі 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — Т.​Рыд. Яе прадстаўнікі (Дж.​Освальд, Дж.​Біты, Д.​Сцюарт, Дж.​Макінташ, У.​Гамільтан) імкнуліся стварыць філасофію «цвярозага розуму» ў якасці альтэрнатывы саліпсізму Д.​Юма і суб’ектыўна-ідэаліст. суджэнням Дж.​Берклі. У процівагу абстрактна-тэарэт. вучэнням гэтых філосафаў яны абвясцілі асн. катэгорыяй філасофіі «цвярозы розум» як пэўную суму непарушных ісцін, крыніцай якіх з’яўляецца непасрэдная унутр. верагоднасць, што бярэ свой пачатак ад самога Бога, таму што дзякуючы яму яна стала неабходнай часткай чалавечай прыроды. Прадстаўнікі Ш.ш. ставілі пад сумненне навук. характар філасофіі, распрацоўвалі сістэму доказаў існавання Бога, душы, мэтазгоднасці ўсяго існага і адначасова абаранялі ад нападкаў суб’ектыўнай філасофіі філас. палажэнне аб існаванні незалежнага ад свядомасці матэрыяльнага свету. Асн. месца ў іх філас. канцэпцыі належыць сцвярджэнню існавання відавочных рэліг. і маральных ісцін, што крытыкаваліся філосафамі-матэрыялістамі.

В.​І.​Боўш.

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)